АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

тэорыя, заснаваная на вучэнні пра наяўнасць у псіхіцы чалавека апрача індывідуальнага неўсвядомленага больш глыбокага слоя — калектыўнага неўсвядомленага. Змест калект. неўсвядомленага складаюць агульначалавечыя першавобразы — архетыпы, у якіх закладзены варыянты разумення свету і паводзін. Распрацавана ў 1910-я г. швейц. псіхолагам К.Г.Юнгам. Мэтай працэсу станаўлення асобы (індывідуацыі) з’яўляецца інтэграцыя зместу калект. неўсвядомленага, імкненне да ўзаемаразумення паміж трыма ўзроўнямі псіхікі: свядомым, індывід. неўсвядомленым, калекг. неўсвядомленым. Гэта бясконцы шлях у самім сабе, з адкрыццём патаемных куткоў душы, якая складаецца з супярэчнасцяў: жаночае і мужчынскае, свядомае і неўсвядомленае і інш. Розныя прычыны, найперш сац., дазваляюць рэалізоўвацца толькі аднаму члену пары, а індывідуацыя дазваляе адкрыць у сабе другі бок і прыняць яго, інакш — крызіс, хвароба, няма развіцця. Усё жыццё чалавек ідзе да адкрыцця самага гал. архетыпу — «вобраза сябе як Бога ў сабе».

Літ.:

Юнг К.Г. Психологические типы: Пер. с англ. М., 1992;

Яго ж. Проблемы души нашего времени: Пер. с англ. М., 1993;

Яго ж. Аналитическая психология: Пер. с англ. Спб., 1994.

Т.У.Васілец.

т. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)